СІСТЭ́МА ДРУКА́РСКІХ МЕР, тыпаметрыя,
сістэма вымярэння памераў, прынятая ў паліграфіі і выдавецкай справе. Створана ў 1737 франц. друкаром і словалітчыкам П.С.Фурнье, удасканалена Ф.А.Дзідо. З дапамогай Сд.м. вымяраюцца кеглі шрыфтоў, наборных лінеек, прагальных матэрыялаў, фарматы паласы набору; адбіўкі, водступы, палі, аборкі, міжлітарныя і міжрадковыя разрадкі, памеры калонак, ілюстрацый.
У аснову С.д.м. пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72 франц. цалі, якая складае 27,06 мм. Для практычных вымярэнняў і большасці разлікаў 1 пункт прымаецца роўным 0,376 мм. 12 пунктаў складаюць 1 цыцэра, 4 цыцэра роўныя 1 квадрату, або 48 пунктам. Паміж адзінкамі С.д.м. і метрычнай існуюць суадносіны: 1 цыцэра = 4,51 мм, I квадрат = 18,04 мм, 1 мм = 2,66 пункта. Гэтая С.д.м. выкарыстоўваецца ў большасці еўрап. краін, у т. л. на Беларусі, Расіі і інш. краінах СНД. У ЗША, Вялікабрытаніі і інш. англамоўных краінах выкарыстоўваецца англа-амер. варыянт С.д.м., у аснову якога пакладзены друкарскі пункт, роўны 1/72 т.зв. каралеўскай цалі (0,3514 мм); у іх фотанаборных машынах кегль шрыфту амаль на 7% меншы, чым у сістэме Дзідо.
Літ.:
Воскресенский М.И., Колосов А.И. Наборные процессы и переработка текстовой информации. М., 1989.
У.М.Сацута.
т. 14, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)